ХІМІ́ЧНАЕ І НАФТАХІМІ́ЧНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна агульнага машынабудавання, прадпрыемствы якога вырабляюць разнастайнае тэхнал. абсталяванне, а таксама камплекты тэхнал. ліній і ўстановак для хім. і нафтахім., нафтавай і газавай прам-сці. Як самаст. галіна машынабудавання ўзнікла ў канцы 19 ст. На Беларусі пачала стварацца пасля 2-й сусв. вайны. У рэспубліцы няма буйных спецыялізаваных прадпрыемстваў гэтай галіны, але больш як на 20 з-дах наладжаны выпуск разнастайнай яе прадукцыі. Так, Мінскі электратэхнічны завод імя В.І.Казлова вырабляе нафтапрамысл. абсталяванне, Гродзенскі мех. з-д — хім. абсталяванне і запасныя часткі да яго, «Мінскстроммаш» — абсталяванне для хім. прам-сці, з-д «Сейсматэхніка» ў Гомелі — абсталяванне для абследавання і рамонту свідравін, Магілёўскі рамонтна-мех. з-д — запчасткі для хім. абсталявання, «Тэрма-Брэст» (сумеснае бел.-венгерска-аўстрыйскае прадпрыемства) — фільтры газавыя і клапаны электрамагнітныя газавыя, Навагрудскі завод газавай апаратуры — лічыльнікі расходу газу, «Колерніт» (прадпрыемства ў г. Дзяржынск) — краны газавыя, рэгулятары ціску газу і інш. З замежных краін машынабудаванне гэтай прам-сці найб. развіта ў ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Расіі.
П.І.Рогач.
т. 17, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)